Што такое дарунак гаварэння на іншых мовах?




Пытанне: Што такое дарунак гаварэння на іншых мовах?

Адказ:
Першы выпадак гаварэння на іншых мовах меў месца ў дзень Пяцідзесятніцы (Дзеі 2:1-4). Апосталы пайшлі і абвяшчалі Евангелле людзям, гаворачы да іх на іх уласных мовах. “Парфяне і мідзяне, і эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Асіі, Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, што мяжуюцца з Кірынеяй, і прышлыя з Рыма, юдэі і празеліты, крыцяне і аравіцяне, - чуем іх, як гавораць нашымі мовамі пра вялікія дзеі Божыя” (Дзеі 2:9-11). Грэчаскае слова “мовы” літаральна перакладаецца як “размоўныя мовы”. Такім чынам, дарунак моў – гэта здольнасць размаўляць на незнаёмай мове для служэння таму, хто ведае гэтую мову. У 12–14 раздзелах 1-га да Карынфянаў, дзе апостал Павел казаў пра цудоўныя дарункі, ён указвае: “Цяпер, калі я прыйду да вас, браты, і пачну гаварыць незнаёмымі мовамі, дык якую дам вам карысць, калі не выкажуся ў словах ці то адкрыццём, ці пазнаннем, ці прароцтвам, ці вучэннем?” (1-ы да Карынфянаў 14:6). Згодна словам апостала Паўла і таму, як апісаны мовы ў Дзеях, гаварэнне на мовах мае каштоўнасць для таго, хто чуе Божую вестку на яе/яго мове, але не для іншых людзей; калі няма перакладу/тлумачэння, гаварэнне не мае ніякай карысці.

Чалавек, які мае дарунак тлумачэння моў (1-ы да Карынфянаў 12:30), разумее, што гаворыцца на іншай мове, нават калі ён/яна не ведае мовы, на якой прамаўляецца казанне. Такім чынам, тлумачальнік моў даносіць казанне таго, хто гаворыць, тым, хто навокал, каб усе змаглі разумець. “...А таму той, хто гаворыць незнаёмай мовай, маліся за дарунак тлумачэння” (1-ы да Карынфянаў 14:13). Адносна нерастлумачаных моў Павел красамоўна заяўляе: “...Але ў царкве лепей хачу пяць слоў сказаць розумам маім, каб і іншых наставіць, чым процьму слоў незнаёмаю моваю” (1-ы да Карынфянаў 14:19).

Ці існуе дарунак моў сёння? 1-ы да Карынфянаў 13:8 кажа аб спыненні дарунка моў, хоць гэта спыненне звязана з наступленнем “дасканалага”, як напісана ў 1-м да Карынфянаў 13:10. Некаторыя звяртаюць увагу на розніцу паміж мовай прароцтва і веданнем, якое “скасуецца” з мовамі, якія “змоўкнуць”, як пра сведчанне спынення моў перад наступленнем “дасканалага”. Магчыма, гэта і так, але гэта не вынікае яўным чынам з тэкста. Некаторыя таксама звяртаюць увагу на такія ўрыўкі, як Ісайі 28:22 і Ёэля 2:28, 29, як на сведчанне таго, што гаварэнне на мовах з'яўлялася адзнакай Божага суда, які наступіць. 1-ы да Карынфянаў 14:22 апісвае мовы як "адзнаку для няверуючых". Згодна з гэтым аргументам, дарунак моў з'яўляўся папярэджаннем для габрэяў, што Бог пакарае Ізраіль судом за непрызнанне Ісуса Хрыста як Месіі. Таму, калі Бог здзейсніў суд над Ізраілем (што адбылося пры разбурэнні Ерусаліма рымлянамі ў 70 г. па Нарадж. Х.), праяўленне дарунка моў больш не служыла прызначанай мэце. Такі пункт гледжання магчымы, аднак реалізацыя першапачатковай мэты дарунка моў неабавязкова прыводзіць да спынення яго дзеяння. Пісанне не сцвярджае безумоўна, што дарунак моў спыніўся.

У той жа час, калі б дарунак моў дзейнічаў у царкве сёння, ён знаходзіўся б у згодзе з Пісаннем. Гэта была б сапраўдная і зразумелая мова (1-ы да Карынфянаў 14:10). Яе мэтай было б данясенне Божага Слова да таго, хто размаўляе на іншай мове (Дзеі 2:6-12). Яна б задавальняла загаду, які даў Бог праз апостала Паўла: “Калі хто гаворыць незнаёмаю моваю, гаварыце двое, ці самае большае трое, і тое паасобку, а адзін хай тлумачыць. Калі ж не будзе тлумачальніка, дык маўчы ў царкве, а гавары сабе і Богу” (1-ы да Карынфянаў 14:27, 28). Яе праяўленне таксама адпавядала б 1-му да Карынфянаў 14:33: “…Таму што Бог не ёсць Бог нязгоды, а супакою…”

Бог, безумоўна, можа даць чалавеку дарунак гаварэння на мовах для таго, каб ён/яна змаглі мець адносіны з тым, хто размаўляе на іншай мове. Святы Дух суверэнны ў размеркаванні духоўных дарункаў (1-ы да Карынфянаў 12:11). Уявіце, наколькі больш эфектыўнымі маглі б быць у сваім служэнні місіянеры, калі б ім не трэба было займацца вывучэннем моў, і яны маглі б адразу ж звяртацца да людзей на іх роднай мове. Аднак Бог не ўчыняе гэтага. Сёння гаварэнне на мовах не адбываецца ў той форме, у якой гэта было ў Новым Запавеце, хоць гэта было б надзвычай карысным. Вельмі вялікая колькасць веруючых, якія сцвярджаюць, што валодаюць дарункам моў, не практыкуюць яго згодна з Пісаннем, як было паказана вышэй. Гэты факт прыводзіць нас да высновы, што дзеянне дарунка моў спынілася, ці, па меньшай меры, вялікая рэдкасць у Божым плане для царквы сёння.

Тыя, хто лічыць, што дарунак моў выкарыстоўваецца як “мова малітвы” для саманастаўлення, грунтуюць свой пункт гледжання на 1-м да Карынфянаў 14:4 і\ці 14:28. “Той, хто гаворыць незнаёмаю моваю, настаўляе сябе; а хто прарочыць, настаўляе царкву”. На працягу 14-га раздзела апостал Павел падкрэслівае важнасць тлумачэння (перакладу) моў, гл. 14:5-12. Фактычна, у вершы 4 апостал Павел кажа наступнае: “Калі вы размаўляеце на мовах без тлумачэння, вы толькі настаўляеце сябе і выглядаеце больш духоўнымі, чым іншыя. Калі ж вы размаўляеце на мовах і тлумачыце іх, то вы настаўляеце ўсіх”. Новы Запавет нідзе не дае асаблівага кіраўніцтва у адносінах да “малітвы на мовах”. У Новым Запавеце нідзе не сказана пра мэту “малітвы на мовах”, і не даецца апісанне нікога, хто б “маліўся на мовах”. Да таго ж, калі “малітва на мовах” для саманастаўлення, хіба гэта не было б несумленна ў адносінах да тых, хто не мае дарунка моў і не можа настаўляць саміх сябе? А 1-ы да Карынфянаў 12:29-30 ясна кажа, што не кожны мае дарунак гаварэння на мовах.


Вяртанне на беларускамоўную дамашнюю старонку

Што такое дарунак гаварэння на іншых мовах?