Пытанне
Ці з’яўляецца Біблія праўдзівым Словам Божым?
Адказ
Адказ на гэтае пытанне не толькі адлюстроўвае нашыя адносіны да Бібліі і яе істотнасць для нашага жыцця, але таксама мае для нас вынікі ў вечнай перспектыве. Калі Біблія – сапраўды Слова Божае, мы павінны адносіцца да яго з хваляваннем, трапятліва, вывучаць яго, падпарадкоўвацца яму і цалкам давяраць. Калі Біблія з’яўляецца Словам Божым, то адкінуць яго – значыць адкінуць Самога Бога.
Тое, што Бог даў нам Біблію, з’яўляецца сведчаннем і паказальнікам Яго любові да нас. Паняцце “адкрыццё” непасрэдна абазначае, што Бог адкрыў чалавецтву Свае якасці і тое, як мы можам усталяваць правільныя адносіны з Ім. Мы не маглі б гэтага ведаць, калі б Бог Сам не адкрыў нам гэта звышнатуральным спосабам у Бібліі. І хоць Бог даваў адкрыццё пра Сябе людзям напрацягу 1 500 гадоў, яно заўсёды ўтрымлівала ў сабе ўсё неабходнае для чалавека, каб мець правільныя адносіны з Ім. Калі Біблія – гэта Слова Божае, яна з’яўляецца канчатковым аўтарытэтам ва ўсіх аспектах, якія звязаны з верай, пакланеннем і духоўнасцю. Мы павінны задаць сабе пытанне: як мы можам ведаць, што Біблія – гэта Слова Божае, а не проста добрая кніга? У чым змяшчаецца унікальнасць гэтай кнігі, што робіць яе выключна адрознай ад усіх іншых рэлігійных кніг, калі-небудзь напісаных? Ці існуе хоць якое сведчанне таго, што Біблія сапраўды з’яўляецца Словам Божым, натхнёным Богам і поўным адносна ўсіх аспектаў веры і практыкі жыцця?
Несумненна, Біблія ўтрымлівае ў сабе сцвярджэнне, што яна з’яўляецца Словам Божым. Гэта ясна бачна з такіх вершаў, як, напрыклад, 2-і Цімафею 3:15-17, у якіх сказана: “...Бо з дзіцячых гадоў пазнаў ты Пісьмо Святое, якое можа цябе навучыць на збаўленне праз веру ў Ісуса Хрыста. Усё Пісанне натхнёна Богам і карыснае для навучання, дакору, выпраўлення і ўзгадавання ў справядлівасці, каб дасканалым быў чалавек Божы, настаўлены на ўсякае добрае дзеянне”.
Для адказа на ўсе гэтыя пытанні мы павінны разгледзець знешнія і ўнутраныя сведчанні таго, што Біблія – гэта сапраўды Слова Божае. Адным з першых такіх доказаў з’яўляецца адзінства Бібліі як Слова Божага. Нягледзячы на тое, што яна ўтрымлівае ў сабе 66 асобных кніг, напісаных у трох частках свету, на трох розных мовах, на працягу прыблізна 1 500 гадоў, больш, чым 40 аўтарамі (якія прадстаўлялі розныя пласты грамадства), Біблія застаецца адзінай кнігай ад пачатку да канца, якая не мае супярэчнасцей. Гэтае адзінства унікальнае ў адносінах да ўсіх іншых кніг і з’яўляецца сведчаннем Боскага паходжання слоў, бо Бог падштурхоўваў аўтараў так, што яны дакладна запісвалі Яго словы.
Другім унутраным доказам таго, што Біблія – гэта сапраўды Слова Божае, з’яўляюцца дакладныя прароцтвы, якія запісаны на яе старонках. Біблія ўтрымлівае ў сабе сотні падрабязных прароцтваў, якія адносяцца да будучыні асобных народаў, улічваючы Ізраіль, да будучыні асобных гарадоў, будучыні чалавецтва і прыйсця Месіі, Збаўцы не толькі Ізраіля, але ўсіх веруючых у Яго. У адрозненне ад прароцтваў іншых рэлігійных кніг ці прароцтваў Настрадамуса, біблейскія прароцтвы заўсёды канкрэтныя і заўсёды спаўняюцца. Толькі ў Старым Запавеце ёсць больш 300 прароцтваў, якія датычаць Ісуса Хрыста. Было прадказана не толькі месца Яго нараджэння, паходжанне Яго сям’і, але і тое, як Ён памрэ, і тое, што Ён уваскрэсне ў трэці дзень. Акрамя звышнатуральнага, не існуе ніякага лагічнага тлумачэння здзяйснення біблейскіх прароцтваў. Акрамя Бібліі, няма іншай рэлігійнай кнігі, маючай такую ж глыбіню і характар прадказальніцкіх прароцтваў.
Трэцім унутраным доказам Боскага паходжання Бібліі з’яўляецца яе унікальны аўтарытэт і сіла. Хоць гэты доказ больш суб’ектыўны, чым першых два, тым не менш, ён з’яўляецца вельмі значным сведчаннем Боскага паходжання Бібліі. Біблія карыстаецца больш вялікім аўтарытэтам, чым любая іншая калісьці напісаная кніга. Яе аўтарытэт і сіла ярка праяўляюцца ў змяненні бясконцага мноства лёсаў, якое адбываецца пасля прачытання гэтай Кнігі. Наркаманы ацаляюцца, гомасексуалісты пазбаўляюцца сваіх паталагічных жарсцей, тунеядцы змяняюцца, закаранелыя злачынцы выпраўляюцца, грэшнікі выкрываюцца, а нянавісць ператвараецца ў любоў пасля прачытання Бібліі. Біблія сапраўды валодае жывой пераўтваральнай сілай, што магчыма толькі таму, што Біблія – гэта сапраўднае Слова Божае.
Акрамя ўнутраных доказаў таго, што Біблія – гэта Слова Божае, існуюць і знешнія доказы таго, што гэта сапраўды так. Адзін з такіх доказаў – гістарычнасць Бібліі. Паколькі Біблія апісвае гістарычныя дзеі, яе сапраўднасць і дакладнасць могуць быць падвергнуты праверцы, падобна, як і любыя іншыя гістарычныя крыніцы. Дзякуючы археалагічным раскопам і іншым пісьмовым крыніцам зноў і зноў пацвярджаецца дакладнасць і праўдзівасць гістарычных апавяданняў Бібліі. Яны заўсёды аказваюцца дакладнымі і беспамылковымі. На самой справе, судзячы па ўсіх археалагічных і пісьмовых крыніцах, мы можам сведчыць на карысць праўдзівасці Бібліі, Біблія з’яўляецца самай верагоднай кнігай старажытнага свету. Тое, што Біблія дакладна і і верагодна апісвае гістарычна даказальныя дзеі, – гэта істотны паказальнік яе праўдзівасці ў рэлігійных пытаннях і дактрынах. Гэта дазваляе абгрунтаваць яе сцверджанне, што яна – праўдзівае Слова Самога Бога.
Другім знешнім доказам праўдзівасці Бібліі служыць несупярэчлівасць [у сведчаннях] людзей, якія пісалі яе. Як ужо гаварылася, Бог выкарыстаў людзей рознага сацыяльнага стану дзеля таго, каб данесці да нас Сваё вечнае Слова. Вывучаючы біяграфіі гэтых людзей, няма прычыны не паверыць у іх сумленнасць і шчырасць. Жыццё кожнага з іх і тое, што яны былі гатовы памерці (нярэдка пакутніцкай смерцю) за свае перакананні, робяць зразумелым тое, што гэтыя звычайныя сумленныя людзі шчыра верылі, што Бог гаварыў з імі. Аўтары Новага Запавету і сотні іншых веруючых (1-ы Карынфянам 15:6) ведалі, што іх словы – праўда, таму што яны бачылі Ісуса Хрыста пасля Яго ўваскрэсення з мёртвых. Той факт, што яны ўбачылі Хрыста, Які ўваскрос, аказаў на іх вялікі ўплыў, які пераўтварыў іх. Яны перасталі хавацца ў страху [перад пакараннем], але зрабіліся гатовымі памерці за тое Слова, якое Госпад адкрыў ім. Жыццё і смерць кожнага з іх таксама пацвярджаюць, што Біблія ёсць Слова Божае.
І, урэшце, яшчэ адным знешнім доказам таго, што Біблія – гэта сапраўды Слова Божае, з’яўляецца тое, што Біблію немагчыма знішчыць. З-за сваёй важнасці, а таксама з-за таго, што яна прэтэндавала на званне праўдзівага Слова Божага, Біблія перанесла больш нападкаў і спроб знішчыць яе, чым любая іншая кніга ў гісторыі чалавецтва. Пачынаючы з рымскіх імператараў, такіх, як Дыяклеціян, і заканчваючы камуністычнымі дыктатарамі, атэістамі і агносцікамі нашага часу, Біблія трапляла пад суровыя пераследаванні, аднак перажыла ўсіх сваіх крытыкаў і да сённяшняга дня застаецца самай выдаваемай у свеце кнігай.
На працягу доўгага часу скептыкі лічылі Біблію выдумкай, зборнікам міфаў, аднак археалагічныя раскопы даказалі поўную гістарычную верагоднасць Кнігі. Ворагі Бібліі называлі яе вучэнне прымітыўным і састарэўшым, але маральныя і прававыя прынцыпы і дактрыны Бібліі аказалі станоўчы ўплыў на грамадства і культуру ва ўсім свеце. Біблію працягваюць атакаваць вучоныя, псіхолагі і палітычныя рухі, але яна застаецца такой жа праўдзівай і актуальнай сёння, як і тады, калі была напісана. За прайшоўшыя 2 000 гадоў гэтая Кніга змяніла бясконцае мноства жыццяў і культур. Як бы ні стараліся яе ворагі ачарніць ці знішчыць яе, Біблія пасля ўсіх нападкаў застаецца такой жа моцнай, праўдзівай і актуальнай, як і да іх. Дакладнасць Бібліі, якая збераглася, нягледзячы на ўсе старанні разбурыць, перакруціць ці знішчыць яе, – гэта яснае сведчанне на карысць таго, што Біблія на самой справе з’яўляецца Словам Божым. Нас не павінна здзіўляць, што, як бы ні накідваліся на Біблію, яна застаецца нязменнай і непашкоджанай. Бо Ісус сказаў: “Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць” (Марка 13:31). Разгледзеўшы ўсе доказы, можна з упэўненасцю сказаць: “Так, сапраўды Біблія ёсць Слова Божае.”
English
Ці з’яўляецца Біблія праўдзівым Словам Божым?