settings icon
share icon
Пытанне

Ці існуе Бог? Ці ёсць які-небудзь доказ існавання Бога?

Адказ


Ці існуе Бог? Цікава, што дыскусіі на гэтую тэму прыдаецца такое вялікае значэнне. Згодна з апошнімі даследаваннямі, больш за 90% людзей у сучасным свеце вераць у існаванне Бога ці якойсьці вышэйшай сілы. І ўсё ж на тых, хто верыць у існаванне Бога, як бы ляжыць адказнасць за тое, каб якімсьці чынам даказаць, што Ён сапраўды існуе. Асабіста я думаю, што павінна быць наадварот.

Аднак існаванне Бога нельга ні даказаць, ні абвергнуць. Біблія нават кажа, што мы павінны прыняць факт, што Бог існуе, вераю. “А без веры немагчыма падабацца Богу” (Габрэяў 11:6). Калі б Бог пажадаў, Ён мог бы проста з’явіцца і паказаць усяму свету, што Ён існуе. Але у такім выпадку для веры не засталося б месца. “Ты паверыў, бо Мяне ўбачыў. Шчасныя тыя, што не бачылі Мяне, а ўверылі” (Яна 20:29).

Але гэта зусім не абазначае, што сведчанняў існавання Бога не існуе наогул. Біблія кажа: “Нябёсы абвяшчаюць хвалу Бога, і пра справу рук Яго паведамляе цвярдыня. Дзень перад днём прамаўляе слова, і ноч ночы абвяшчае веды. Няма моў і маўленняў, голас якіх не быў бы чуцен…” (Псальм 18:2-5). Зоркі, велізарны сусвет, цуды прыроды, прыгажосць заходу – усё гэта апавядае пра Бога Творцу. У дапаўненне да гэтага ў нас ёсць сведчанне пра Бога ў сэрцах нашых. У Эклезіяста 3:11 сказана: “…і вечнасць паклаў ім у сэрца…” Глыбока ўнутры нас ёсць нешта, што сцвярджае: акрамя гэтага свету, гэтага жыцця існуе іншае жыццё і іншы свет. Мы можам не згаджацца з гэтымі ведамі розумам, але Божая прысутнасць унутры нас усё роўна застаецца і пранізвае нас. Аднак нягледзячы на гэта, Біблія папярэджвае нас, што некаторыя людзі ўсё ж будуць адмаўляць існаванне Бога: “Сказаў шаленец у сэрцы сваім: няма Бога…” (Псальм 13:2). Тое, што звыш 98% людзей праз усю гісторыю, ва ўсіх культурах, ва ўсіх цывілізацыях і на ўсіх кантынентах вераць у існаванне Бога ў якой-небудзь форме, прыводзіць да высновы, што павінна быць нешта, што з’яўляецца прычынай гэтай веры.

У дапаўненне да біблейскіх сведчанняў на карысць існавання Бога знаходзяцца і лагічныя аргументы. Першы – гэта анталагічны аргумент. Найбольш распаўсюджаная форма анталагічнага аргумента для доказу існавання Бога выкарыстоўвае канцэпцыю Бога. Ён пачынаецца з вызначэння Бога як “Таго, вышэй Якога нічога нельга прывесці”. Затым прыводзіцца сцверджанне таго, што існаваць – гэта вышэй, чым не існаваць, і таму вышэйшая істота, якую толькі можна ўявіць, павінна існаваць. Калі б Бог не існаваў, то Ён не з’яўляўся б Самай Вышэйшай Істотай, Якую толькі можна ўявіць, але тады гэта супярэчыла б самому вызначэнню Бога.

Другі – гэта тэлеалагічны аргумент. Ён змяшчае ў сабе наступнае: таму што сусвет уладкованы такім непараўнальным чынам, у яго павінен быць нябесны Дызайнер. Напрыклад, калі б Зямля знаходзілася на адлегласці некалькіх соцен кіламетраў бліжэй да Сонца ці далей ад яго, то стала б немагчымым падтрымліваць жыццё ў той форме, у якой яно зараз існуе. Калі б колькасць элементаў у нашай атмасферы адрознівалася ад існуючай усяго на некалькі працэнтаў, загінула б усё жывое на планеце. Верагоднасць фарміравання адной малекулы пратэіна выпадковым чынам роўная 1 з 10 у 243-й ступені (г. зн. 10 з 243 нулямі). А адна клетка змяшчае ў сабе мільёны малекул пратэіна.

Трэці лагічны аргумент на карысць існавання Бога называецца касмалагічным аргументам. Кожны вынік мае прычыну. Сусвет і ўсё, што яго напаўняе, – гэта вынік. І павінна быць тое, што выклікала ўсё да быцця. У канчатковым выніку павінна быць нешта безумоўнае, беспрычыннае для таго, каб выклікаць усё астатняе да існавання. Гэта Нешта, Якое не мае прычыны, і ёсць Бог.

Чацвёрты аргумент вядомы як маральны аргумент. Любая культура ў гістарычным працэсе заўсёды мела пэўныя формы законнасці. У кожнага чалавека ёсць разуменне дабра і ліха. Забойства, хлусня, крадзеж, разбэшчанасць амаль заўсёды адхіляюцца. Адкуль, калі не ад Святога Бога, з’явілася гэтае адрозніванне дабра і ліха?

Нягледзячы на ўсё гэта, Біблія папярэджвае нас, што людзі будуць адхіляць ясныя і неаспрэчныя веды пра Бога, і замест гэтага будуць верыць хлусні. Рымлянаў 1:25 кажа: “…Яны падмянілі праўду Божую на хлусню і пакланяліся і служылі стварэнню замест Творцы…” Біблія таксама сцвярджае, што людзі, якія не вераць у Бога, не маюць прабачэння: “…Бо нябачнае ў Ім, вечная сіла Яго і Боскасць, ад стварэння свету праз сузіранне стварэнняў бачныя, так што яны не маюць прабачэння” (Рымлянаў 1:20).

Людзі заяўляюць, што яны не вераць у Бога таму, што гэта “ненавукова” ці “бездоказна”. Але праўда ў тым, што, калі людзі прызнаюць існаванне Бога, яны павінны будуць прызнаць і сваю адказнасць перад Ім, і сваю патрэбу ў памілаванні ад Бога (Рымлянаў 3:23; 6:23). Калі Бог існуе, мы ўсе нясем адказнасць перад Ім за нашыя ўчынкі. А калі Бога няма, мы можам рабіць што пажадаецца, не хвалюючыся з-за Божага суда. Я лічу, што шмат людзей у нашым грамадстве так моцна падтрымліваюць вучэнне аб эвалюцыі дзеля таго, каб даць для жадаючых альтэрнатыву веры ў Бога Творцу. Бог існуе, і кожны чалавек, вядома, ведае, што Ён існуе. Сам факт агрэсіўных спроб абвергнуць Яго існаванне – гэта, па сутнасці, аргумент на карысць існавання Бога.

Дазвольце мне прывесці яшчэ адзін аргумент на карысць існавання Бога. Як я магу ведаць, што Бог існуе? Я ведаю, што Ён існуе, таму што я кожны дзень размаўляю з Ім. Яго адказ не гучыць чутным вобразам, але я адчуваю Яго прысутнасць, я адчуваю Яго правадырства, я ведаю Яго любоў, я жадаю мець Яго ласку. У маім жыцці ажыццявіліся рэчы, якія, акрамя як учыненнем Бога, вытлумачыць немагчыма. Бог цудоўным чынам збавіў мяне і памяняў маё жыццё, і я не магу не прызнаваць і не ўслаўляць Яго існаванне. Ні адзін з гэтых аргументаў не можа сам па сабе пераканаць тых, хто адмовіўся прыняць тое, што так ясна. Урэшце, Божае існаванне павінна быць прынята на веру (Габрэяў 11:6). Вера ў Бога – гэта не сляпы скачок у цемры, а бяспечны крок у добра асветлены пакой, дзе ўжо знаходзяцца 90% людзей.

English



Вяртанне на беларускамоўную дамашнюю старонку

Ці існуе Бог? Ці ёсць які-небудзь доказ існавання Бога?
Facebook icon Twitter icon Pinterest icon Email icon
© Copyright Got Questions Ministries