Пытанне
Да чаго зводзіцца сэнс жыцця?
Адказ
Да чаго зводзіцца сэнс жыцця? Як мне знайсці мэту, паўнату і задавальненне ў жыцці? Ці будзе ў мяне патэнцыял для таго, каб ажыццявіць што-небудзь значнае? Так шмат людзей думалі пра тое, да чаго зводзіцца сэнс жыцця. Яны азіраліся назад і здзіўляліся, чаму паламаліся іх узаемаадносіны і чаму яны адчуваюць спустошанасць, нягледзячы на тое, што яны дасягнулі ўсяго, да чаго імкнуліся. У аднаго бейсбаліста, які быў уганараваны прыналежнасцю да залы славы, спыталі, пра што ён хацеў бы быць папярэджаны, калі толькі пачынаў гуляць у бейсбол. Ён адказаў: “Я жадаў бы, каб мне сказалі, што, калі ты дасягаеш вяршыні, бачыш, што там нічога няма”. Шмат мэт выяўляюць сваю пустэчу толькі пасля таго, як страчаны гады на іх дасягненне.
У нашым гуманістычным грамадстве людзі дамагаюцца мноства мэтаў, думаючы, што ў гэтым яны знойдуць сэнс. Некаторыя мэты звязаны з поспехам у бізнесе, прыдбаннем багацця, добрымі адносінамі, сэксам, забавамі, аказаннем дабра іншым і г.д. Тыя, хто дасягнуў многіх мэт, якія звязаны з багаццем, узаемаадносінамі, забавамі, глыбока ўнутры адчуваюць пустэчу – пачуццё спустошанасці, якую нельга нічым запоўніць.
Аўтар біблейскай кнігі Эклезіяст гаворыць пра гэтае адчуванне, усклікваючы: “Наймарнейшая марнасць, пустая марнасць, – усё марнасць!” Гэты чалавек меў невымернае багацце, мудрасць вышэйшую, чым у іншых людзей, якія жылі ў яго час, сотні жанчын, палацы на зайздрасць іншым і сады, лепшую ежу і віно, яму не бракавала аніякай забавы. І аднойчы ён сказаў, што ён імкнуўся да ўсяго, чаго жадала яго сэрца. І ўсё ж, калі ён падвёў вынік “жыцця пад сонцам” (таго жыцця, якое мы пражываем так, як быццам усё жыццё – гэта тое, што мы бачым відавочна і адчуваем сваімі пачуццямі), то назваў гэта – марнасць! Адкуль жа гэтая пустэча? Гэта таму, што Бог стварыў нас для чагосьці зашмат большага, чым мы можам адчуць тут і зараз. Саламон сказаў пра Бога: “Ён таксама ўклаў вечнасць у сэрцы чалавечыя”. У сваіх сэрцах мы ўсведамляем, што “тут і зараз” – гэта не ўсё. З першай кнігі Бібліі – Роду, мы бачым, што Бог стварыў людзей па Свайму вобразу (Роду 1:26). Гэта значыць, што мы ў больш вялікай ступені падобны да Бога, чым да кагосьці яшчэ (у любой іншай форме жыцця). Мы таксама бачым, што, перш, чым чалавецтва ўпала ў грэх і зямля была праклятая, (1) Бог зрабіў чалавека сацыяльным стварэннем (Роду 2:18-25); (2) Бог даў чалавеку працу (Роду 2:15); (3) Бог меў адносіны з чалавекам (Роду 3:8); і (4) Бог паставіў чалавека валадарыць над зямлёю (Роду 1:26). У чым сэнс пералічаных пунктаў? Я лічу, што Бог жадаў, каб мы мелі паўнату жыцця, але ўсё гэта (і асабліва адносіны чалавека і Бога) было цалкам разбурана ўпадзеннем чалавека ў грэх і наступным пракляццём зямлі (Роду 3).
У Адкрыцці, апошняй кнізе Бібліі, у завяршэнне шматлікіх іншых з’яў апошняга часу, Бог адкрывае, што Ён разбурыць існуючую зямлю і нябёсы, як мы іх ведаем, і абвясціць новую эру збудаваннем новай зямлі і новага неба. У гэты час Ён цалкам узновіць адносіны са збаўленым чалавецтвам. Некаторыя людзі будуць прызнаныя нягоднымі і будуць кінуты ў возера вогненнае (Адкрыццё 20:11-15). І пракляццё граха будзе выдалена, не будзе больш ні граха, ні скрухі, ні хваробы, ні смерці, ні болю, ні да т. п. (Адкрыццё 21:4). Веруючыя ўспадкаемяць усё. Бог будзе жыць з імі, і яны будуць Яго сынамі (Адкрыццё 21:7). Такім чынам, завершыцца поўны цыкл і будуць узноўлены нашы адносіны з Богам, для чаго Бог і стварыў нас. Чалавек зграшыў, разбурыўшы гэтыя адносіны. Бог узновіць гэтыя адносіны ў паўнаце ў вечнаці з тымі, каго Ён палічыць вартымі. Зараз ісці па жыццю, дасягаючы ўсяго толькі для таго, каб памерці і быць аддзеленымі ад Бога навекі, – гэта горш, чым марнасць! Але Бог угледзеў шлях для таго, каб не толькі магчыма была вечная асалода (гл. Лукі 23:43), але і каб зрабіць нашае жыццё і тут напоўненым сэнсам і задавальненнем. Як жа можна дасягнуць вечнай асалоды і “нябёс на зямлі”?
СЭНС ЖЫЦЦЯ, ЯКІ ВЕРНУТЫ ПРАЗ ІСУСА ХРЫСТА
Як ужо гаварылася вышэй, сапраўдны сэнс у гэтым жыцці і ў вечнасці зводзіцца да таго, каб узнавіць узаемаадносіны з Богам, якія былі страчаны, калі Адам і Эва ўпалі ў грэх. Сёння гэтыя адносіны з Богам магчымы толькі дзякуючы Яго Сыну, Ісусу Хрысту (гл. Дзеі 4:12; Яна 14:6; Яна 1:12). Вечнае жыццё атрымліваецца пры навяртанні (калі чалавек больш не хоча жыць у грахах, але жадае, каб Хрыстос памяняў яго і зрабіў яго новым стварэннем), і пачынаецца узрастанне ў даверы Ісусу Хрысту як Збаўцу (гл. тэму Які план збаўлення? для больш падрабязнай інфармацыі па гэтай істотнейшай тэме).
Сапраўдны сэнс жыцця зводзіцца не проста да таго, каб знайсці Ісуса як Збаўцу (як бы здзіўляюча гэта ні было). Хутчэй, сапрўдны сэнс жыцця здабываецца, калі чалавек пачынае ісці за Хрыстом, становячыся Яго вучнем, навучаючыся ў Яго, праводзячы час з Ім у Яго Слове, Бібліі, падтрымліваючы адносіны з Ім у малітве, ходзячы перад Ім у паслухмянасці Яго запаветам. Калі вы няверуючы (ці, магчыма, сталі веруючым нядаўна), вы, можа быць, скажаце сабе: “Гучыць не вельмі натхняюча, і не вельмі падобна, што гэта можа прынесці паўнавартаснае жыццё мне!” Але, калі ласка, пачытайце далей. Ісус сказаў наступнае: “Ідзіце да Мяне ўсе, што працуеце і стаміліся пад цяжарам, і Я дадам вам сілы. Вазьміце ярмо Маё на сябе ды вучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі ды пакорлівы сэрцам, і знойдзеце спачынак душам вашым. Бо ярмо Маё салодкае, і цяжар Мой лёгкі ” (Мацвея 11:28-30), “Я... прыйшоў, каб мелі жыццё і мелі ўдосталь” (Яна 10:10б), “Калі хто хоча ісці за Мной, хай зрачэцца самога сябе і возьме крыж свой і ідзе следам за Мной. Бо хто б хацеў уратаваць душу сваю, загубіць яе. А хто загубіць душу сваю за Мяне, знойдзе яе” (Мацвея 16:24, 25), “Знайдзі радасць у Госпадзе, і дасць Ён табе тое, чаго патрабуе сэрца тваё” (Псальм 36:4).
Усе гэтыя вершы апавядаюць пра тое, што мы маем выбар. Мы можам працягваць жыць па нашым асабістым разуменні (і, як вынік, жыць пустым жыццём), ці можам прытрымлівацца шляху за Богам з шуканнем усім сэрцамЯго волі для нашага жыцця (вынікам чаго будзе поўня жыцця, задавальненне жаданняў сэрца, заможнасць і задавальненне). Усё гэта таму, што наш Творца любіць нас і жадае для нас самага лепшага (не абавязкова самага лёгкага жыцця, але самага напоўненага).
На заканчэнне я хацеў бы прывесці аналогію, якую ўзяў у сябра-пастара. Калі вы – спартыўны прыхільнік і хочаце пайсці паглядзець гульню прафесіяналаў, вы можаце ці выдаткаваць некалькі долараў і прыдбаць білет на месца, якое знаходзіцца на самым версе стадыёна, ці можаце выкласці некалькі соцен долараў і быць у непасрэднай блізкасці да праходзячых дзеянняў, саўдзельнічаць у іх. Таксама і ў хрысціянскім жыцці. Быць непасрэднымі сведкамі Божага дзеяння, бачыць, як дзейнічае Бог – гэта не для так званых нядзельных хрысціян, тых, якія толькі ў нядзелю наведваюць царкву. Яны не заплацілі кошту. Пазнаць “З ПЕРШЫХ РУК”, як дзейнічае Бог – гэта для вучняў Хрыста, якія ідуць за Ім усім сэрцам, тых, хто сапраўды пакінуў імкненне задаволіць свае патрэбы, выбраўшы для свайго жыцця дасягненне Божых мэт. ЯНЫ заплацілі кошт (цалкам падпарадкаваўшыся Хрысту і Яго волі), яны маюць поўню ў сваім жыцці, і яны могуць глядзець прама і з годнасцю на сябе, на сваіх блізкіх, на свайго Творцу! Ці заплацілі вы кошт? Ці згодны вы на гэта? Калі так, то вам больш не трэба будзе знаходзіцца ў пошуках сэнса ці мэты.
English
Да чаго зводзіцца сэнс жыцця?